ПІ́НСКА-ІВАЦЭ́ВІЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення Зах. Палесся. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. ў Бярозаўскім, Ганцавіцкім, Драгічынскім, Івацэвіцкім, Пінскім р-нах Брэсцкай вобл. Яму ўласцівы серабрыста-белая каларыстычная гама, стрыманае аздабленне натыканнем, вышыўкай і карункамі, якія падкрэслівалі чысціню тонкага накрухмаленага палатна. Жаночы летні гарнітур існаваў у 2 варыянтах: кашуля, спадніца-андарак, фартух, кабат (неабавязковая частка гарнітура), намітка; спадніца-палатнянік, кашуля (потым блуза), фартух, чапец з хусткай. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па ўтку, з адкладным або стаячым каўняром. Арнамент — гладкія пункцірныя ў выглядзе шахматнага поля вузкія пасачкі чырвонага, чырвона-чорнага натыкання на рукавах, грудзях і плечавых устаўках. Фартух шылі з 1 полкі, кроенай на ўтку або з 3(4) полак, кроеных па аснове, аздаблялі паліхромнай расліннай арнаментыкай, карункамі. Гладкія пункцірныя лініі арнаменту размяшчаліся паралельна лініі нізу або краёў бакавіц, утвараючы малюнак палос ці клетак з буйным рапортам. Андарак кроілі з 4 полак аднатоннай ці ў паскі баваўнянай тканіны чырв., фіялетава-сіняга колераў; спадніцу — з белага палатна, падол яе аздаблялі чырвонымі вузкімі паскамі натыкання. Кабат выраблялі з даматканага цёмна-карычневага (радзей сівога) прываленага сукна; кроілі без рукавоў (накшталт гарсэта) і з рукавамі (накшталт курты). Галаўныя ўборы жанчын — намітка, аздобленая жывымі або штучнымі кветкамі, чапец, ажурна выплецены з ільняных ці баваўняных белых нітак (завязваўся на саламяную каробачку ці тканку), белая хустка з паліхромнай вышыўкай на адным рагу.

Мужчынскую кашулю кроілі з плечавымі ўстаўкамі, падпяразвалі шырокім плеценым поясам-ручніком чырвона-бурачковага колеру з мноствам дробных кутасікаў на канцах. Летам насілі саламяныя брылі, абвязаныя паверху ўзорыстай тасьмой, зімой — круглыя шапкі з шэрага ці блакітнага сукна і з чорным аўчынным аколышам. Дапаўнялася мужчынскае адзенне скураною кайстрачкай-калітой (насілі на раменьчыку цераз плячо або падвешвалі да пояса), скураным чэхлікам для ножыка.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Пінска-Івацэвіцкі строй. Жанчыны ў традыцыйным адзенні з чапцамі. Вёска Аброва Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобл. 1930-я г.

т. 12, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)